У бібліятэцы-філіяле аг. Геранёны прайшла сустрэча-ўспамін “Малая Радзіма ў падзеях і асобах”, прысвечаная вядомай зямлячцы Алене Генрыхаўне Уласевіч (да 65-годдзя са дня яе нараджэння).
У савецкія часы Алена Генрыхаўна вяла вельмі вялікую грамадскую работу: партгрупорг на ферме “Геранёны”, член бюро раённага камітэта партыі. Як член савета школы, яна цікавілася вучобай школьнікаў. На школьных вечарах, камсамольскіх сходах, уроках міру вучні з вялікай цікавасцю слухалі выступленні Алены Генрыхаўны як дэлегата XII Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве (1985 г.), XIX Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі (1987 г.), як Народнага дэпутата СССР (1989 г.). Разам з камітэтам камсамола калгаса А.Г. Уласевіч арганізавала конкурс юных жывёлаводаў.
Пра яе працоўныя поспехі часта пісала раённая газета. А. Г. Уласевіч была ў ліку пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва. Шчырая праца Алены Генрыхаўны была адзначаны мноствам узнагарод: ад раённых уладаў, вобласці і Вярхоўнага Савета БССР.
Матэрыяламі пра працоўныя дасягненні славутай жанчыны падзялілася з удзельнікамі сустрэчы мясцовы краязнаўца Алена Іванаўна Смалянічэнка. Такія мерапрыемствы накіраваны на захаванне памяці пра выдатных землякоў, якія пакінулі яркі след у жыцці малой Радзімы.