Адчуць мясцовы каларыт ва ўсёй красе.У Бакштах прайшоў фестываль вясковай культуры
06.08.2024
У пачатку жніўня, калі лета пераходзіць у свой самы шчодры і прыгожы месяц і наваколле напаўняецца непаўторным водарам белага наліву, у в. Бакшты ладзіцца фестываль вясковай культуры “Бакштаўскі каларыт”. Фестываль склікае знаўцаў і аматараў вясковай культуры на сустрэчу з песнямі, жартамі, вясковай кухняй і выдатнымі вырабамі народнай творчасці.
“Я шмат дзе была, але лепш нідзе няма, чым у роднай вёсцы. Вёсачка наша Бакшты хоць і невялічкая, затое багатая і працавітая, вядомая на ўсю ваколіцу”, – гаворыць вядучая свята. Гэтыя словы, насамрэч, валодаюць вялікай і магутнай сілай, бо нішто не можа быць даражэй у чалавека за яго малую радзіму, за вузенькую сцежку праз жыта, за цудадзейны свет у акне бацькоўскай хаты.
Сёння ў наш такі хуткі і мітуслівы час патрэбна на хвіліну спыніцца, каб адчуць дыханне вёскі, напоўненае незвычайнай цеплынёй і шчырасцю, каб сэрца палашчыць мілагучным рыпаннем веснічак, каб душу напоўніць вялікай духоўнай сілай. І ўсё гэта магчыма было ўвасобіць, трапіўшы на свята ў Бакшты.Тут і квасам сапраўдным, хатнім, па-старажытнаму рэцэпту прыгатаваным пачастуюць і танчыць па-даўнейшаму навучаць.
Між іншым, на фестывалі вясковай культуры ўжо стала традыцыяй праводзіць конкурсную праграму пад назвай “Танцуем па-даўнейшаму”. Рыхтуюцца да яе і дарослыя, і дзеці. Старанна вывучаюць колішнія танцы – падыспань, нарэчаньку, польку, вальс, кракавяк . А затым дэманструюць гледачам і журы. Сёлета ад традыцыі адступаць не сталі. Больш таго, кожнага, хто жадаў, з вялікім задавальненнем навучалі танцам нашых продкаў.
Чым яшчэ знакаміты фестываль вясковай культуры ў Бакштах? Дык тым, што тут задаволяць густ нават самага вытанчанага гурмана, варта яму трапіць на выставу-дэгустацыю страў з таркаванай бульбы “Што ні страва –дзіўны смак”. Не магчыма абысці міма выставы прадметаў народнага побыту “Нам засталася спадчына” і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “З крыніц прыгажосці”. А мілагучныя песні ў выкананні калектываў аматарскай творчасці Іўеўскага раёна не аднойчы прымушалі сэрца то весяліцца, то сумаваць ад добрых шчырых і душэўных песень.
Ірына Бутурля.
Станіслаў Зянкевіч (фота).