У Іўеўскай раённай бібліятэцы ў межах праекта “Бібліятэчныя вокны” адбылося адкрыццё персанальнай выставы майстра народнай творчасці па саломапляценню Ірыны Смірновай.
Ганарлівыя лялькі, дзіўныя кветкі, цудоўныя кошыкі і талеркі, чароўны рог, капялюшы… Золата гэтых вырабаў – ад беларускай саломкі. Менавіта ў руках майстра саломка прайшла няпросты шлях пераўтварэння, набыла прыгажосць узораў, фарбаў.
Свае сакрэты і сваё ўменне плесці з саломкі Ірына Рэгінальдаўна Смірнова з вялікім задавальненнем перадае сваім старанным вучням. Пасля адкрыцця выставы ў чытальнай зале раённай бібліятэкі для ўсіх жадаючых адбыўся майстар-клас “Саламяны пярсцёнак”.