Галоўная / Навiны / Навiны раёна
11.02.2020

Морынская залатая рыбка

Славіцца Морынскі край маляўнічымі берагамі бацькі-Нёмана, чыстым хваёвым паветрам і разнастайнымі рыбнымі стравамі на стале мясцовых гаспадынь.

Аматараў зімовага адпачынку сабрала 8 лютага 2020 года ў аг.Морына  Іўеўскага раёна брэндавае свята “Морынская залатая рыбка”. 
 
З прывітальнымі словамі да землякоў і гасцей звярнулася старшыня Іўеўскага сельвыканкама Лось Таісія Валянцінаўна, якая выказала вялікае задавальненне, што ў прынёманскім краі свята “Морынская залатая рыбка” стала традыцыйным.   
                                                                         
Галоўнай падзеяй свята стаў конкурс юшкі, якую гатавалі каманды прадпрыемстваў, арганізацый, ўстаноў раёна і жыхары аграгарадка. Мэтай конкурсу з'яўляецца захаванне і папулярызацыя традыцый народнай бытавой культуры Іўеўшчыны і прыцягненне насельніцтва рэгіёну да актыўнага адпачынку.           
                                                                                                              
Конкурсная камісія пад кіраўніцтвам старшыні Іўеўскага райвыканкама Булака Аляксандра Іванавіча, вызначыла пераможцаў па намінацыях: “Самы арыгінальны рэцэпт юшкі” -  каманда філіяла “Азот Агра” УСП “Новы Двор-Агра”; “Лепшае афармленне месца для прыгатавання юшкі” – каманда УА “Іўеўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй; “Лепшая прэзентацыя юшкі” – УАЗ “Іўеўская цэнтральная раённая бальніца”; “Прыз сімпатый гледачоў” – каманда сектара культуры Іўеўскага райвыканкама; “Рыбнае багацце” – каманда ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іўеўскага раёна”; “Лепшая рэклама юшкі” – каманда ДЛГУ “Іўеўскі лясгас”;  “Водар малой радзімы” –  каманда жыхароў аг. Морына (Гудзень Аляксандр Георгіевіч). Пераможцам  конкурса “Морынская залатая юшка” стала каманда ДУА “ВПК Эйгердаўскі дзіцячы сад - сярэдняя школа”.

Удзельнікі конкурса юшкі атрымалі дыпломы і падарункі, а таксама шчырую падзяку ад людзей, якія спрабавалі іх выдатную страву.
У памяшканні ўстановы культуры дэманстравалася кінастужка “Залатая рыбка”. Цікавую канцэртна-забаўляльную праграму прапанавалі гледачам калектывы аматарскай творчасці ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу” – аддзелаў культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадкоў Геранёны, Лаздуны1, Суботнікі і Дайліды.

Усіх аматараў рыбалкі культарганізатары з аг.Суботнікі запрасілі на тэатралізавана-гульнёвую праграму “Паміж працай”.

Госці і ўсе жадаючыя мелі магчымасць набыць сувеніры, прысмакі і жывую рыбу, наведаць пляцоўку з атракцыёнамі, прадэманстраваць маладзецкую ўдаласць, зрабіць сэлфі на пляцоўцы “Вясёлы рыбак”, напісаць свае пажаданні Морынскай залатой рыбцы і замацаваць іх на “Невадзе пажаданняў”.

Разнастайную выставу-продаж прапанавалі рамеснікі з гарадоў Іўе Навагрудка,  Ліды, Мінска і ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”.