Летняе атмасфернае свята, напоўненае водарам сакавітых чэрвеньскіх траў і кветак, яркімі колерамі навакольнай прыроднай прыгажосці і, вядома, усмешкамі, цеплынёй і шчырасцю сустрэч прайшло сёння ў аг. Ліпнішкі.
Традыцыйныя “Ліпнішкаўскія сенакосы” ужо шосты раз збіраюць аматараў актыўнага адпачынку, прыхільнікаў беларускіх традыцый і культуры, тых, хто жадае ўдосталь наталіцца ўсімі фарбамі лета. Менавіта пра гэту пару года кажуць, што яна – маленькае жыццё. У тых, хто сёння прыйшоў на свята, была магчымасць не толькі паспрабаваць свае сілы ў конкурсе ручнога сенакашэння, успомніць тое, што ўмелі нашы продкі, але цікава і весела адпачыць, бо з пакон вякоў час сенакоса ў вяскоўцаў лічыцца святочнай падзеяй.
Час не стаіць на месцы. Прагрэс дабраўся і да сенакашэння. На змену ручным косам прыйшлі трымеры, якія ў асноўным выкарыстоўваюцца дзеля навядзення парадку на тэрыторыях. Сама ж масавая нарыхтоўка сена для асабістых падсобных гаспадарак – з’ява рэдкая. Таму працэс ручнога сенакашэння мае такую цікавасць. Асабліва, для гарадскога жыхара.
Свята адкрыла старшыня мясцовага сельвыканама Яніна Бузар, якая шчыра вітала гасцей і зычыла перамогі мацнейшаму. Адзінаццаць касцоў з усіх куткоў раёна пажадалі прыняць удзел у мерпарыемстве, сярод іх - дзве жанчы
І вось яны, галоўныя дзеючыя асобы свята – касцы, якія вырашылі памерацца сіламі: хто спрытнейшы, удалейшы, нарэшце – самы фартовы. Спачатку– творчая візітоўка. Акрамя таго, што касец павінен прадставіць сябе, яшчэ журы звяртае ўвагу на мастацкае афармленне касы. Вядома, кожнага ўдзельніку конкурса падтрымлівае каманда. І гэта абставіна надае сілы і смеласці. Гучныя апладысменты валодаюць цудадзейнай сілай. І тут гэта сіла, як ніколі, да патрэбы.
Працягвае свята дэфіле касцюма пакосніцы. І, нарэшце, самы доўгачаканы этап «Касі каса, пакуль раса», дзе кожны касец-мужчына павінен пракасіць паласу даўжынёй 30 метраў, шырынёй 2,5 метраў,а жанчына- даўжынёй 30 метраў, шырынёй 1,5метраў.
Барацьба тут разгарнулася самая спартыўная.Так хочацца цытаваць вядомага класіка: “Ідуць касцы, звіняць іх косы, вітаюць іх буйныя росы…”. І, сапраўды, “краскі ніжай гнуць галовы, пачуўшы косак звон сталёвы”. Гэты звон лашчыць вуха і міжволі прымушае вяртацца ў сваё дзяцінства, калі раннім чэрвеньскім ранкам бацька збіраўся на пакос, а нам, дзецям, даручалі даставіць абед касцам. Па даразе ў нашых руках абавязкова аказваўся вялікі букет лугавых кветак, водар якога і гэтай пары знаходзіцца ў далёкім куточку дзіцячых успамінаў, а яшчэ луста хлеба. Якая яна была смачная, духмяная! Нічога самчнейшага ў сваім жыцці, здавалася, на спрабавала.
Ну а цяпер лірычнае ў бок. Бо на сенажаці як на спартыўным спаборніцтве: эмоцыі зашкальваюць! Пасля такой напружанай працы самы час падмацавацца. Такім чынам мы плаўна пераходзім на часцвёртага конкурснага іспыту пад назвай “Абед на траве”. Гэта відовішча, як кажуць, “не для слабонервных”. Вядома, жартую. Што і казаць, гаспадыні тут пашчыравалі! Столькі розных страваў, пры чым нашых традыцыйных, беларускіх з мясцовымі асаблівасцямі! Гастрафэст можна спраўляць.
І, нарэшце, хатняе заданне: зрабіць ляльку-“Пакосніцу Усе яны былі занялі сваё ганаровае месца на выставе. Нагадем, што такую ляльку майстравалі гаспадыні з кусочкаў тканіны і травы ,не выкарыстоўваючы швейных іголкаў. Ляльку ставілі на сенажаць для абярэга ад парэзаў і другіх няшчасных выпадкаў у час нарыхтоўкі сена.
Увогуле, свята было багата на традыцыйныя майста-класы. Напрыклад, по кляпанню касы, які прадэманставаў мясцовы жыхар Яўген Барко. Сваімі знакамітымі залацістымі дранікамі частавала ўсіх жадаючых на свяце метадыст Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Алена Нехвядовіч. Мала таго, яна дзяліліся ўнікальным сакрэтам іх прыгатавання. Вердыкт журы: лепшым касцом прызнаны Аляксандр Валканоўскі, старшыня КСУП “Суботнікі”, які быў адзначаны прызам раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”. Падарунак уручыла намеснік старшыні райвыканкама, старшыня “Белай Русі”! Анжаліка Цысар. Між іншым, кожны з 11 удзельнікаў конкурснай праграмы быў адзначаны ў сваёй намінацыі.
Сваё майстэрства дарылі салісты і выканаўцы з горада Навагрудка і танцавальны калектыў “Балагуры”з горада Мінска, салісты ансамбля “Чароўны мікрафон “аддзела культурна –масавай і асветніцкай работы аграгарадка Геранёны і салісты аддзела культурна –масавай і асветніцкай работы аграгарадка Ліпнішкі. Для юных удзельнікаў свята працавала дзіцячая пляцоўка. Завяршылася свята дансінг-шоу праграмай “ Танцы на пракосе”.
Фота С. Зянкевіча.